Данута Бічэль-Загнетава
Любы, не шкадуй мяне так доўга.
Каб да сэрца сэрцам не прысох,
супыніўшы коніка гнядога,
адпусці на нёманскі пясок.
Вернешся гасцінцамі старымі –
церпкі і гарачы, бы віно.
Берагам, што мы з табой стварылі,
стромым і пяшчотным заадно…
З туманоў даліначкі-даёнкі
напаі світальнага каня.
Нашых чыстых рэк разбег далёкі,
паміж іх – любоў, нібы канал…
Развітання золкае світанне.
Перад светам стоеным стаім.
Як маё з адчаю сэрца стане,
дык чыё затахкае з тваім?
А табе ж губляць нічога нельга.
Сам ты для знаходак, не для страт.
Ты як вецер, як прастор, як неба.
Ты, які мне трэба, акурат…
Моўчкі зоры сышліся на веча,
аніякага знаку здаля.
Нам назначана, любы,
сустрэча:
век дваццаты,
планета Зямля.
Без твайго існавання —
руіна.
На высокім цярпенні згару.
Як пазнаць,
падказала краіна:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
Мы істоты адной —
дзве паловы.
Дзе ты —
ў слоце, у стыні, цяпле?
He знайду —
увасоблюся ў словы.
Толькі словы на месцы цябе.
Урадлівую шчодрасць загона
прамяністага неба блакіт
без цябе не прымаю.
He згодна.
Без цябе
ўзнагарода —
нябыт.
Рвала вішні недаспелыя,
хваліла.
Салодкія, пунсовыя спяліла
маладому задаваку, што па ночы
і прысніць мяне не хоча.
Аднойчы вольны жораў занудзіўся
не па высях,
вінавата на парозе ён з'явіўся:
— Дай напіцца, прыгубіцца...
Ёсць крынічная вадзіца.
Паднясу яму кісліцы
з прыгаворам:
— Чым багаты, тым і рады.
Да аскомы пі, журботы памагаты.
Дзе ж смачнейшага піцення наспех возьмем?
Паскідала восень
з дрэў у садзе вобзем
вішні спелыя, аж чорныя бакі.
Іх аўсянкі падзяўблі ды шпакі.
Пі, мой згублены,
з’явіўся ты па часе:
я адна не раз гаркоты напілася.
Прыхінулася плячом да вушака.
Як валошка, дакранешся —
асака.
Плакуном асот калючы паглядзеў:
— Быццам мёду паспытаў.
Ды саладзей...
Нёман — сцяжына спешная,
лёгка падбрыквае пожнямі.
Краю слязіна першая,
шчасця майго — апошняя.
Долі сівой не тоячы,
дуб памірае стоячы.
Bee спакой на бровы
вецер з гулкай дубровы.
Човен хвалі расхіствае,
хлопцаў адчайных гойдае.
Смелых астудзіць пырскамі.
Поўны людскімі нягодамі.
З двух берагоў Нёмана
гэтулькі лёсаў наломана.
Песня з гарчынкай болю.
Ды з адгалоскам бою.
Маўклівае лона радзімы —
задумлівы верас.
Вымярзаў і гарэў,
але вырас і пахне...
Яшчэ раз
пакланіся яму,
пакляніся з маленства на вернасць.
Ён твае таямніцы не выдасць.
Куды ты слядочкі павернеш?
Падужэў у палях —
і зацесны матулін каптурык.
Пакіруеш свой шлях
да навукі —
разумны, культурны...
Мо паходзіш на ўласных нагах?
Мо абуеш катурны?
Толькі верасу пальцы
настрояць душы тваёй струны.